Міні-музей "Сялянская хатка"

 

Міні-музей “Сялянская хатка”

Міні-музей быў створаны ў 2009 годзе.

Сутнасць нашага музея заключаецца ў азнаямленні дзяцей з народнымі промысламі і прадметамі побыту.

Мэта: засваенне культурных і духоўных каштоўнасцей свайго народа, іх традыцый.

Задачы: 

  • стварыць прадметнае асяроддзе для работы па вывучэнні фальклору і багатых нацыянальных традыцый;
  • прывіваць дзецям любоў да беларускай мовы як асноўнага элемента нацыянальнай культуры праз знаёмства з лепшымі ўзорамі вуснай народнай творчасці: пацешкі, забаўлянкі, калыханкі, казкі, загадкі, гульні, легенды;
  • фарміраваць у дзяцей уяўленні пра прадметы адзення, прылады працы, прадметы побыту нашых продкаў.
  • знаёміць дзяцей з беларускім народным мастацтвам як эфектыўным сродкам фарміравання станоўчых адносінаў да працы, любові да Радзімы (вырабы з саломкі, лёну, гліны, бяросты; саламяныя і гліняныя цацкі; творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (сурвэткі, ручнікі);
  • знаёміць дзяцей з творамі беларускіх пісьменнікаў і мастакоў; фальклорам, народным промыслам;
  • фарміраваць уяўленні аб народных святах.

Міні-музей знаходзіцца на другім паверсе ўстановы дашкольнай адукацыі.

У міні-музеі “Сялянская хатка” заўсёды ціха. Вегародна таму, што тут жыве памяць аб мінулым. Усё нагадвае аб жыцці нашых продкаў у даўнія і не вельмі дальнія часы. Складаецца наш музей з некалькіх частак. Самая значная прысвечана тэме зямлі і земляробства, збору і апрацоўцы ўраджаю. Другая частка прысвечена ткацтву. Тут дэманструюцца прылады, з дапамогай якіх рыхтавалі лён для прадзення, выраблялі ніткі, а пасля тканіну. Выхаванцы даведваюцца, як апрацоўвалі лён: прачэсвалі грэбнем, а потым шчоткай. Для прадзення выкарыстозвалі калаўрот. Пасля таго, як кудзеля была спрадзена, ніткі змоткалі з дапамогай матавіла. Нітку скручвалі і намотвалі на верацяно. Ткалі на кроснах.

У апошнім раздзеле можна ўбачыць рысы паўсядзённага жыцця беларусаў: посуд, люльку. Галоўнае месца ў нашым музеі займае печ. Яна мела важнае значэнне і ў хаце нашых продкаў: печ абагравала, карміла сям’ю, а часам служыла месцам адпачынку, асабліва зімой.

У нашым музеі выхаванцы знаёмяцца з ручнікамі. Іх не шмат, але кожны мае сваю гісторыю. Праз ручнікі дзеці даведаліся аб знаках дабрабыту, сонца, зямлі – сімвалах, пазначаных вышыўкай. Выхаванцы даведаліся, як у мінулыя часы людзі ўважліва адносіліся да каляровых спалучэнняў у адзенні, вытканы ці вышыты арнамент успрымалі не толькі як аздабленне, але і як сімвал і абарончы знак.

У нашым міні-музеі выхаванцы з задавальненнем разглядаюць ільняную кашулю, мужчынская адзенне, жаночае адзенне, ільняную сукенку, фартух.

У “Сялянскай хаце” знаходзіцца больш за 25 экспанатаў:

  1. Лямпа
  2. Люлька
  3. Лялька Льняная
  4. Маслабойка
  5. Палавік
  6. Печ
  7. Кубак
  8. Ручнік
  9. Чыгун
  10. Адзенне беларускае нацыянальнае
  11. Верацяно
  12. Вілы
  13. Збан
  14. Калоўрот
  15. Прасніца
  16. Жалейка
  17. Падушка
  18. Прас
  19. Пранік
  20. Капа
  21. Патэльня
  22. Фіранкі

Экспанаты выкарыстоўваюцца для правядзення заняткаў, для развіцця мовы, эмацыянальнай сферы дзіцяці. Кожны прадмет міні-музея можа падказаць тэму для цікавай гутаркі. 

Міні- музей "Сялянская хатка."

23.10.2020