Гуляем - гісторыю, традыцыі краіны вывучаем: пазнавальная гульнятэка

Гульні па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню

Гульні па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню

 (для дзяцей 4-7 гадоў)

 

  • “Хто ведае, той адгадае!”

 

Мэты: замацаваць уяўленні дзяцей аб славутасцях роднага горада; развіваць памяць, гаворку; выхоўваць назіральнасць, дапытлівасць.

Ход гульні: дзіця зачыненымі вачамі бярэ на стале адну паштоўку з відамі роднага горада, затым дае кароткае апісанне, не называючы самога месца. Астатнія дзеці задаюць навадныя пытанні, да таго моманту пакуль месца роднага горада не будзе адгадана. Дзіця, якое адказала дакладна, становіцца вядучым. Гульня паўтараецца. У пачатку гульні выхавальнік можа даць свой аповяд – узор.

 

  • “Сімвалы маёй краіны”

 

Мэты: фарміраваць ўяўленні выхаванцаў аб сімвалах Беларусі; развіваць ўвагу, маўленне, дробную маторыку.

Ход гульні: з прапанаваных картак неабходна выбраць тыя, на якіх намаляваны знакі краіны.

 

  • “Збяры карту Беларусі”

 

Мэты: замацаваць уяўленні пра знешні выгляб Беларусі на геаграфічнай карце.

Матэрыял: асобныя карткі-выявы абласцей Рэспублікі Беларусь.

Ход гульні: неабходна з частак сабраць карту Рэспублікі Беларусь і назваць абласныя цэнтры.

 

  • Даміно “Беларускія рамёствы”

 

Мэты: замацаваць уяўленні дзяцей пра беларускія народныя рамёствы; развіваць памяць, увагу; выхоўваць пачуццё гонару за сваю Радзіму.

Матэрыял: карткі-даміно з выявамі вырабаў беларускіх рамёстваў.

Ход гульні: выхаванцы выкладваюць картку з такой жа выявай у любы бок ад першага дубля.

 

  • “Складзі герб з фрагментаў”

 

Мэты: садзейнічаць замацаванню ўяўленняў аб гербе горада, Беларусі; развіваць памяць.

Матэрыял: выява герба горада (Беларусі), якая складаецца з 4-8 фрагментаў.

Ход гульні: фыхавальнік змешвае фрагменты, дзеці збіраюць з іх карцінку.

 

  • “Знайдзі сцяг”

 

Мэты: замацаваць уяўленні дзяцей аб дзяржаўным сцягу; развіваць увагу, памяць; выхоўваць пачуццё патрыятызму.

Ход гульні: вядучы на стале раскладвае паштоўкі з выявай сцягоў розных краін (каля дзесяці) і дае дзецям заданне знайсці Беларускі сцяг. Затым выхавальнік прапануе дзецям заплюшчыць вочы і ў гэты час мяняе карцінкі месцамі.

 

  • “Сцяг Беларусі”

 

Мэта: садзейнічаць замацаванню ведання сцяга сваёй краіны.

Матэрыял: палосы чырвонага, зялёнага колераў. А белая палоска з арнаментам.

Ход гульні: Выхавальнік паказвае дзецям сцяг Беларусі, прыбірае і прапануе выкласці рознакаляровыя палоскі ў тым парадку, у якім яны знаходзяцца на сцязе Беларусі.

 

  • “Адгадай сцяг нашай краіны”

 

Мэты: замацаваць уяўлені дзяцей аб дзяржаўным гербе; фарміраваць уменні пазнаваць беларускі герб сярод гербаў іншых краін; развіваць увагу, памяць; выхоўваць жаданне даведацца нешта новае.

Ход гульні: выхавальнік прапануе дзецям разгледзець дзяржаўны сцяб Беларусі і назваць, з палотнаў якіх колераў ён складаецца. Далей дзецям прапануюцца разрэзаныя карцінкі (па прынцыпе пазлы). Дзеці збіраюць сцяг Беларусі.

 

  • “У нашым горадзе госці”

 

Мэты: замацаваць уяўленні аб родным горадзе; развіваць маўленне, памяць; выхоўваць любоў да роднага горада.

Ход гульні: выхавальнік папярэджвае дзяцей, што зараз да нас прыедуць іншагароднія госці, якія нічога не ведаюць аб нашым горадзе. Дзеці павінны даць невялікія апісальныя апавяданні аб родным горадзе. “Госць” з дапамогай навадных пытанняў падахвочвае дзяцей расказаць аб асаблівасцях клімату, аб раслінным і жывёльным свеце, сімвалічным значэнні герба, называе імя кіраўніка горада.

 

  • “Падарожжа па горадзе”

 

Мэты: фарміраваць уяўленні пра родны горад.

Матэрыял: альбом фатаграфій роднага горада.

Ход гульні: выхавальнік паказвае дзецям фатаграфіі славутасцяў горада, прапануе назваць іх.

 

  • “Падарожжа па роднай вёсцы”

 

Мэты: фарміраваць уяўленні пра роднае сяло.

Матэрыял: альбом фатаграфій роднай вёскі.

Ход гульні: выхавальнік паказвае дзецям фатаграфіі славутасцяў сяла, прапануе назваць іх.

 

  • “Раскажы аб сваёй сям'і”

 

Мэты: фарміраваць уяўленне аб сабе як аб члене сям'і; паказаць значэнне сям'і ў жыцці чалавека; фарміраваць жаданне расказваць аб членах сваёй сям'і, ганарыцца імі, любіць іх.

Матэрыял: фотаальбом, складзены сумесна з бацькамі з сямейнымі фатаграфіямі з генеалагічным дрэвам сям'і.

 

  • “Маіх бацькоў клічуць…”

 

Мэты: замацаваць уяўленні пра імя і імя па бацьку бацькоў, дзядуляў, бабуль…

Матэрыял: сямейныя фотаальбомы, мяч.

Ход гульні: дзеці, перадаючы адзін аднаму мяч, хутка называюць прозвішча, імя, імя па бацьку мамы і таты і іншых членаў сям'і.

 

  • “Ацані ўчынак”

 

Мэты: з дапамогай сюжэтных карцінак развіваць уяўленні дзяцей аб добрых і дрэнных учынках; фарміраваць уменні характарызаваць і ацэньваць учынкі; выхоўваць чуласць, добразычлівасць.

Матэрыял: сюжэтныя карцінкі.

Ход гульні: дзеці працуюць у парах. Кожнай пары выхавальнік прапануе сюжэтную карцінку. Дзеці павінны разгледзець карцінку, апісаць, што бачаць і ацаніць учынак. Напрыклад: двое дзяцей расказваюць па чарзе: “Хлопчык забраў у дзяўчынкі мяч, дзяўчынка плача. Хлопчык зрабіў дрэнна, так рабіць нельга”.

 

  • “Кампліменты”

 

Мэты: фарміраваць уменні дзяцей гаварыць адно аднаму кампліменты; развіваць гаворку, мысленне; выхоўваць прыязнасць.

Ход гульні: дзеці ўтвараюць круг, бяруцца за рукі. Спачатку выхавальнік пачынае казаць дзіцяці, якога трымае за руку справа. Напрыклад: “Міша, ты сёння такі ветлівы!” Далей дзіця звяртаецца да дзіцяці, якога яно трымае за руку справа. Калі дзіцяці цяжка вымавіць камплімент, то яму дапамагаюць іншыя дзеці.

 

  • “Усе прафесіі важныя”

 

Мэты: замацоўваць уяўленні дзяцей аб прафесіях дарослых; падводзіць да разумення, што ўсе прафесіі патрэбны і важныя; развіваць памяць, увагу, мысленне.

Матэрыял: карцінкі з прафесіямі дарослых.

Ход гульні: выхавальнік прапануе разгледзець карцінкі з прафесіямі дарослых, назваць прафесію і расказаць пра яе важнасць, карыснасць.

У канцы гульні выхавальнік падводзіць вынік, што ўсе прафесіі патрэбны і важныя.

 

  • “Каму што трэба для працы”

 

Мэты: удасканальваць уяўленні дзяцей аб прафесіях дарослых; развіваць уменні знаходзіць прадметы, неабходныя для вызначанай прафесіі; развіваць памяць, кемлівасць, мысленне.

Матэрыял: вялікія карцінкі з прафесіямі дарослых (лекар, повар, вадзіцель), маленькія карткі з прадметамі, неабходнымі для гэтых прафесій.

Ход гульні: на стульчыках стаяць вялікія карцінкі з прафесіямі дарослых, а на дыванку раскіданыя карткі з прадметамі, неабходнымі для гэтых прафесій. Дзецям прапануецца ўзяць адну картку на падлозе і падысці да карцінкі з той прафесіяй, для якой патрэбна гэтая рэч. Дзеці тлумачаць, чаму падышлі да той ці іншай карцінкі з прафесіяй.

 

  • “Памочнікі ў сям'і”

 

Мэты: выхоўваць у дзяцей павагу да працы дарослых членаў сям'і, жаданне дапамагчы, вызваліць ад клопатаў; вучыць дзяцей будаваць адносіны з іншымі людзьмі; развіваць гаворку дзяцей.

Матэрыял: сюжэтныя карцінкі з бытавымі сцэнамі.

Ход гульні: выхавальнік: “У кожнага з вас ёсць свая сям'я. Сям'я – гэта дарослыя і дзеці, якія жывуць разам, любяць адно аднаго, клапоцяцца адно пра аднаго. Паглядзіце на карцінку:  Што робіць дзядуля. А як дапамагае ўнучка?  Раскажы, як ты дапамагаеш маме (таце, дзядулю, бабулі)”.

 

  • “З якога дрэва лісток?” 

 

Мэты: замацаваць уяўленні дзяцей аб прыродзе роднага краю, замацаваць уменне ўтвараць адносныя прыметнікі (бяроза – бярозавы, дуб – дубовы і г. д.).

Матэрыял: малюнкі і ілюстрацыі з выявай дрэў і кустоў, іх лісця.

Ход гульні: выхавальнік паказвае карцінкі з выявай лістка, дзеці называюць, з якога ён дрэва, знаходзяць малюнак дрэва.

 

  • “Абаронцы Айчыны”

 

Мэты: фарміраваць уяўленне аб арміі, пашырыць уяўленні дзяцей аб службе ў арміі; пазнаёміць дзяцей з помнікам Абаронцам Айчыны ў горадзе; выхоўваць павагу да вайскоўцаў і жаданне быць абаронцам айчыны.

Матэрыял: карцінкі з выявамі вайскоўцаў.

Ход гульні: каб бараніць наш з табой спакой, існуе армія. У ёй служаць салдаты, афіцэры, генералы і адміралы. Усе яны называюцца вайскоўцамі. Ваенны – вельмі ганаровая прафесія, бо яны абаронцы нашай Радзімы. Якія бываюць вайскоўцы? Танкісты – вайскоўцы, якія служаць на танках. Ваенныя маракі – служаць на ваенных караблях. Ракетчыкі выдатна разбіраюцца ў ракетнай тэхнікі. Ваенныя лётчыкі – лётаюць на ваенных самалётах і верталётах. Памежнікі – ахоўваюць нашы межы ад ворагаў. Артылерысты – страляюць з вялізных гармат і мінамётаў. Падводнікі – ахоўваюць нашы межы на падводных лодках. Дэсантнікі – умеюць абясшкоджваць любога ворага, выдатна страляюць, скачуць з парашутам. Сапёры – знаходзяць і абясшкоджваюць міны, расстаўленыя ворагам.

Кім з вайскоўцаў вы хацелі б быць?

 

  •  “Беларуская цацка. Знайдзі палову”

 

Мэты: пазнаёміць дзяцей з беларускай цацкай; увесці ў актыўны слоўнік малых беларускія словы; развіваць назіральнасць, памяць, уседлівасць.

Матэрыял: набор паштовак як узор; набор такіх жа паштовак, але разрэзаных на пазлы.

Ход гульні: дзецям прапануецца разгледзець паштоўкі з выявай беларускіх народных цацак. Затым выхавальнік прапануе разрэзаныя на дзве часткі паштоўкі. З іх неабходна сабраць карцінку (цацку), знайшоўшы недастатковую палову.

 

  • “Родная мова”

 

Узрост: выхаванцы сярэдняй, старэйшай груп.

Мэты: авалодваць багаццем роднай мовы; развіваць моўныя здольнасці, атрымліваць першапачатковыя навыкі размовы на беларускай мове; фарміраваць у дзяцей устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, жаданне авалодаць беларускай мовай праз знаёмства з беларускім фальклорам – забаўлянкамі, казкамі, песенькамі, лічылкамі.

Ход гульні: могуць удзельнічаць 5-6 чалавек. Перад дзецьмі кладзецца поле для гульні з 5 сектарамі, фішкі, кубік. Дзеці кідаюць кубік і рухаюць фішкі па полі, пры гэтым пераадольваючы цяжкасці (заданні выхавальніка), якія сустракаюцца ім на сектарах. Хто не справіўся з заданнем – прапускае ход. Пераможцам з'яўляецца той, хто першым дойдзе ды фініша.

 

  • “Мінск сёння”

 

Мэты: узбагаціць веды дзяцей аб Мінску як сталіцы Беларусі; фарміраваць уяўленні аб Беларусі, развіваць інтарэс да мінулага і сучаснага сталіцы Беларусі; выхоўваць пачуццё патрыятызму і любові да свайго горада; фарміраваць правільную постаць у час гульні, развіваць дробныя мышцы кісцей рук.

Матэрыял: гульнявое поле (23х16,5 см), карткі-ўкладыші – 9 шт., канверт – 1 шт., упаковачны канверт – 1 шт.

Ход гульні: дзецям прапануецца поле для гульні, на якім размешчана карта Мінска, падзеленая на раёны, і карткі суадносна раёнам. Прапануецца правільна раскласці гэтыя карткі на аснове. Пераможцам з’яўляецца той, хто не зробіць памылак. Выхавацелю прапануецца расказаць дзецям аб помніках, прамысловых комплексах, выдатных мясцінах кожнага раёна.

 

  • “Ці ведаеш ты?”

 

Мэты: фарміраваць уяўленні дзяцей пра знакамітых людзей роднага горада, Беларусі.

Матэрыял: партрэты вядомых суайчыннікаў

Ход гульні: выхавальнік паказвае партрэты, прапануе дзецям назваць таго, хто намаляваны на партрэце і расказаць, чым ён знакаміты.

 

  • “Назва вырабу”

 

Мэты: замацаваць ўяўленні дзяцей аб назвах вырабаў беларускіх ганчароў; развіваць памяць, маўленне.

Ход гульні: гульнявая задача – па сілуэту вызначыць, як называецца рэч і дзе яна ўжываецца. Хто правільна называе выраб, той атрымлівае фішку. Пераможцам з’яўляецца той, хто больш за ўсіх атрымае фішак.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі

Масько Алена Віктараўна

згарнуць

Традыцыі і звычаі

Інтэрактыўная гульня "Беларускія стравы"

Гульня "Беларускія святы"

згарнуць

Прырода Беларусі

Прапануем  пагуляць у гульню "Размяркуй дрэвы"

На колькі добра вы ведаеце жыхароў беларускіх лясоў пакажа гульня "Жывёлы беларускіх лясоў"

Прапануем гульню "Хатнія і дзікія жывёлы"

Прапануем пазнаёміцца з птушкамі Беларусі ў гульні "Зімуючыя і пералётныя птушкі"

Раім пагуляць у гульню "Што расце на беларускім полі"

згарнуць

Прамысловасць Беларусі

У перыяд развіцця эканомікі краіны, пераўтварэння сацыяльных сфер жыцця актуальнай становіцца праблема якасці і каштоўных адносін да навакольнага  свету. Асаблівае значэнне набывае выхаванне будучага грамадзяніна, які ўмее як ствараць новае, так і  берагчы, памнажаць здабытак краіны, паважаць працу людзей. Прадметы  рукатворнага  свету, якія дзіця бачыць у непасрэдным асяроддзі, служаць сродкам азнаямлення  дзяцей з сацыяльным  светам, у іх закладзены  сацыяльны вопыт чалавецтва, узровень развіцця грамадства, тэхнічнага працэсу. Значная ўвага павінна  надавацца знаёмству дзяцей з айчыннымі прадпрыемствамі, гэта выклікае пачуццё павагі да тых, хто зрабіў  гэтыя  прадметы, і  фарміруе беражлівыя адносіны  да  іх.

     Выкарыстанне дадзенага матэрыялу  будзе садзейнічаць фарміраванню ўяўленняў  аб прамысловасці краіны ў дзяцей старшага дашкольнага ўзросту.

       Задачы: пашыраць уяўленні дзяцей аб вядомых прамысловых прадпрыемствах краіны і  іх прадукцыі; садзейнічаць  развіццю цікавасці да прадметаў рукатворнага свету, тэхнікі, прыбораў; узбагачаць уяўленні дзяцей аб сельскагаспадарчай і спецыяльнай тэхніцы, прадуктах харчавання; выхоўваць асновы патрыятызму, пачуцця гонару і любові да роднага краю, дапытлівасць, цікавасць да эканомікі Беларусі.

 

Інтэрактыўная гульня (заданне) "Прамысловасць Беларусі"

Інтэрактыўная гульня 

Інтэрактыўная гульня "Вытворчасць г.Віцебску"

Інтэрактыўная гульня "Заводы Мінску"

згарнуць

Гуляем -гісторыю –традыцыі краіны вывучаем: пазнавальная гульнятэка

Гуляем -гісторыю –традыцыі краіны вывучаем: пазнавальная гульнятэка

Серыя дыдактычных гульняў " Мая Беларусь"

1 Сімвалы Беларусі

“Складзі сцяг, герб, карту Беларусі”

     Мэта: практыкаваць дзяцей у складанні цэлага малюнка з частак, праз змест малюнкаў замацоўваць веды пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі.

     Абсталяванне: карткі з выявамі сцяга, герба і карты Рэспублікі Беларусь, карткі з выявамі сцяга, герба і карты Рэспублікі Беларусь, падзеленыя на часткі.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям два камплекты малюнкаў: адзін складаецца з цэлых малюнкаў, другі – з іх частак. Дзецям неабходна за пэўны час скласці з частак цэлы малюнак.

 

“Знайдзі сімвалы Беларусі”

 

     Мэта: замацоўваць веды пра сімвалы беларускай дзяржавы і сімвалы Беларусі; развіваць лагічнае мысленне, памяць; выхоўваць павагу да сваёй Радзімы.

     Абсталяванне: карткі з выявамі сімвалаў беларускай дзяржавы (сцяг, герб), краін суседзяў (Украіны, Расіі) і сімвалаў Беларусі (сасна, зубр, бусел, кветкі ільну, канюшыны, васілька) і іншых малюнкаў, квадраты са слюды чырвонага колеру.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям карткі з выявамі сімвалаў беларускай дзяржавы (сцяг, герб), краін суседзяў (Украіны, Расіі) і сімвалаў Беларусі (сасна, зубр, бусел, кветкі ільну, канюшыны, васілька) і іншых малюнкаў. Дзецям неабходна знайсці малюнкі, якія не адносяцца да сімвалаў Беларусі і закрыць іх квадратам з чырвонай слюды.

 

“Чацвёрты лішні”

 

     Мэта: развіваць уменне класіфікаваць прадметы па істотных прыметах, абагульняць.

     Дыдактычны матэрыял: карткі, на кожнай картцы намаляваныя 4 прадметы, 3 прадметы звязаны агульным прыметай (сімвалы Беларусі), а 4 – лішні.

     Ход гульні

Выхавальнік дэманструе дзіцяці картку, на якой намаляваныя чатыры малюнкі, тры з іх падыходзяць па нейкай прымеце, іх можна назваць адным словам, а чацвёрты лішні. Які?

 

“Складзі сцяг Беларусі”

     Мэта: практыкаваць дзяцей у складанні цэлага з частак, замацоўваць веды пра дзяржаўны сімвал Беларусі – сцяг, яго колеравую афарбоўку і яе сімвалічнае значэнне; развіваць у дзяцей пачуццё патрыятызму і любові да сваёй Радзімы.

     Абсталяванне: палоскі рознага колеру, палоскі з беларускім арнаментам.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям камплекты палосак рознага колеру і арнаменту. Дзецям неабходна выбраць палоскі такога колеру і арнаменту, якія адпавядаюць колеру беларускага сцяга і скласці з частак цэлы малюнак, рассказаць пра сімвалічнае назначэнне кожнай часткі. (Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца, сімвалізуе братэрства, справядлівасць. Ён азначае перамогу, шчаслівае жыццё. Зялёны колер – колер прыроды, колер палёў і лясоў. Зялёны колер – колер дабрыні і росту, развіцця, дабрабыту і міру.

Сцяг Беларусі мае нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі. Ён сімвалізуе якасці народа: працавітасць і высокае майстэрства. У цэнтры арнамента – ромб – старажытная выява багіні Зямлі і Урадлівасці, а маленькія ромбікі – сімвалы засеянага поля).

 

2 Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і культура Беларусі

 “Узор для ручніка”

 

     Мэта: замацаванне ведаў пра дэкаратыўна-прыкладное мастацтва беларусаў, практыкаванне ў выкладанні арнаментальных узораў на прамавугольнай форме .

     Абсталяванне: карткі з відарысамі ручніка, картка з элементамі беларускага арнамента.

     Ход гульні

          1 варыянт

Дзецям прапаноўваюцца карткі (ручнікі), дз адзін канец ручніка ўпрыгожаны беларускім арнаментам, а другі – чысты. Дзіцяці патрэбна выкласці арнамент на свабодным канцы па ўзоры.

          2 варыянт

Дзецям раздаюцца відарысы ручніка без арнамента і геаметрычныя формы элементаў з кардону. Неабходна самастойна саставіць узор, змяняючы элементы, каляровыя спалучэнні.

 

“Прадоўжы ўзор”

     Мэта: вучыць дзяцей складаць стужачны арнамент (на паласе) з некалькіх рытмічна паўтаральных аднолькавых элементаў беларускага ўзору. Фарміраваць у дзяцей здольнасці да арнаментальнай творчасці.

 

     Матэрыял: карткі з элементами беларускага ўзору. Карткі (3,5 × 3,5 см) з рознымі элементамі ад 2 да 6 аднолькавых малюнкаў.

     Ход гульні

Выхавальнік дае 1–3 дзецям карткі з пралінаванымі дарожкамі, на якіх выкладзеныя па 3 элементы ўзору. Дзецям прапануецца вызначыць заканамернасць чаргавання элементаў, знайсці такія ж элементы ўзору на маленькіх картках і прадоўжыць узор на паласе.

 

“Сам сабе майстар”

 

     Мэта: замацаванне ведаў пра дэкаратыўна-прыкладное мастацтва беларусаў, асноўныя віды рамёстваў: ткацтва, дрэваапрацоўка, ганчарная справа, саломапляценне.

    Абсталяванне: карткі з відарысамі беларускіх народных майстроў, карткі з відарысам вырабаў з саломы, дрэва, гліны, тканіны.

      Ход гульні

У гульні прымае ўдзел 2–4 дзіцяці. Выхавальнік раздае дзецям вялікія карты, у цэнтры якіх намаляваны беларускія народныя майстры: ганчар, разьбяр па дрэве, саломапляцельшчык, ткачыха. Дзеці разглядваюць маленькія карткі з відарысам вырабаў з саломы, дрэва, гліны, тканіны.

– З чаго выраблена шляпа? – пытае Выхавальнік.

– З саломы, – адказваюць дзеці.

– Хто яе зрабіў?– пытае Выхавальнік.

– Саломапляцельшчык – адказваюць дзеці.

Вы будзеце гуляць так, каб усё, што зроблена з саломы, стала ў клетачкі, дзе ў цэнтры ліста – майстар саломапляцельшчык; тое, што зроблена з дрэва, – у клетачкі, дзе майстар разьбы па дрэве; тое, што зроблена з гліны, – дзе ганчар, што з тканіны, – дзе ткачыха. Хто першы закрые ўсе клетачкі, той і выйграе.

Дзеці абменьваюцца карткамі, і гульня працягваецца.

Засвоіўшы правілы гульні, дзеці гуляюць самастойна.

 

“Падбяры ключык да замка”  (Беларускія народныя святы)

 

     Мэта: замацоўваць веды пра беларускія народныя святы, іх сімвалічныя элементы. Прывіваць цікавасць да народных святаў. Развіваць мысленне, уменне з частак складаць цэлае.

     Абсталяванне: карткі з выявамі народнага свята і яго сімвалаў.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям карткі з выявамі народнага свята (замочак), дзецям неабходна падабраць сімвал свята (ключык). Калі сімвал падабраны правільна, то “замочак” зачыніцца.

 

“Замкі Беларусі”

 

     Мэта: расшыраць і ўмацоўваць веды пра помнікі архітэктуры нашай краіны, развіваць успрыманне замкавага стылю архітэктуры, развіваць цікавасць да гісторыі сваёй краіны і яе духоўных каштоўнасцей.

     Абсталяванне: карты з выявамі замкаў Беларусі: Мірскі, Нясвіжскі, Гродзенскі, Навагрудскі; карткі з фрагментамі замкаў.

     Ход гульні

Гуляе ад 1 да 4 дзяцей. Выхавальнік разам з дзецьмі разглядвае малюнкі замкаў Беларусі, расказваючы пра іх архітэктурныя асаблівасці. Затым дзецям раздаюцца выявы замкаў з контурнымі “акенцамі”. Выхавальнік паслядоўна паказвае маленькія карткі. Кожны гуляючы суадносіць фрагментарныя і цэласныя выявы і запаўняе імі “акенцы”.

Выйграе той, хто першы закрые ўсе “акенцы”

 

  1. Прырода роднага краю

“Хто дзе жыве?”

 

      Мэта: замацоўваць уменне суадносіць выявы прадстаўнікоў жывёльнага свету з месцам пражывання, фарміраваць правільнае вымаўленне назваў жывёл на беларускай мове.

     Абсталяванне: карткі з выявамі супольнасцей лес, луг, вадаём. Карткі з выявамі прадстаўнікоў жывёльнага свету.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям карткі з выявамі прыродных супольнасцей і маленькія карткі з выявамі прадстаўнікоў жывёльнага свету. Дзецям неабходна суаднесці выяву жывёлы ці насякомага з месцам яго абітання.

 

“Збіраем ураджай”

 

      Мэта: замацоўваць веды пра садавіну і гародніну, грыбы Беларусі. Развіваць увагу, зрокавую памяць, уменне суадносіць выявы прадстаўнікоў расліннага свету з месцам прарастання, фарміраваць правільнае вымаўленне назваў раслін і грыбоў на беларускай мове.

     Абсталяванне: карткі, падзеленыя на сектары, у цэнтры – карзіна. Маленькія карткі садавіны, гародніны і грыбоў, якія растуць не толькі ў Беларусі, а і ў іншых кліматычных умовах.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям карткі, падзеленыя на сектары і карткі садавіны, гародніны і грыбоў, якія растуць не толькі ў Беларусі, а і ў іншых кліматычных умовах. Дзецям неабходна запоўніць усе сектары толькі тымі малюнкамі садавіны, гародніны і грыбоў, якія растуць у Беларусі.

 

  1. Беларускія народныя казкі

“Хто ў казцы жыве”

     Мэта: замацоўваць змест беларускіх народных казак. Развіваць увагу, памяць, маўленне, дробную маторыку рукі; фарміраваць правільнае вымаўленне назваў герояў казак на беларускай мове.

     Абсталяванне: карткі, падзеленыя на сектары, у цэнтры – сюжэтны малюнак казак, па баках – героі казак, маркеры або фламастары на воднай аснове.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям карткі, на якіх у цэнтры – сюжэтныя малюнкі казак “Як курачка пеўніка ратавала”, “Лёгкі хлеб”, “Курачка Раба”, “Пра быка і яго сяброў”, па баках – героі казак. Дзецям неабходна маркерам злучыць з сюжэтным малюнкам толькі тых герояў, якія сустракаюцца ў гэтай казцы, і назваць іх.

 

“Чыя казка”

 

     Мэта: замацоўваць змест беларускай народнай казкі “Зайкава хатка”. Развіваць чуласць да граматычна правільнага маўлення на беларускай мове, увагу, памяць, маўленне, дробную маторыку рукі; фарміраваць правільнае вымаўленне назваў герояў на беларускай мове.

     Абсталяванне: карткі, па абодвух краях героі казак, маркеры або фламастары.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям карткі, на якіх размешчаны малюнкі герояў беларускіх народных казак. Дзецям неабходна маркерам злучыць герояў казкі “Зайкава хатка “ з іх хаткамі, адказаць на пытанне : чыя хатка? (зайкава, лісічкіна).

 

“Дзе, хто?”

 

     Мэта: фарміраваць устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёй; садзейнічаць засваенню некаторых асаблівасцей граматычнага ладу беларускага маўлення, авалоданню і ўдасканальванню ўменняў правільна ўжываць прасторавыя прыназоўнікі “за”, “пад”, “на”, “з-за”, “каля” і іншРазвіваць увагу, памяць, маўленне, фарміраваць правільнае вымаўленне назваў герояў на беларускай мове.

      с

     Абсталяванне: сюжэтныя малюнікі па беларускіх народных казках “Курачка раба”, “ Як кот звяроў напалохаў”, графічныя малюнкі “Кот Максім”, “Зайкава хатка”.

     Ход гульні

Выхавальнік паказвае дзецям карткі з малюнкамі па беларускіх народных казках. Прапануе ўважліва паглядзець на малюнкі, назваць казку і адказаць на пытанні. Напрыклад:

– дзе ляжыць яечка? (на стале, пад лаўкай, на палічцы, за спіной у дзеда, пад сталом, каля мышкі);

– куды схавалася ліса? (пад стол, на печ, за дзверы, на лаўку, на палічку, у дзежку);

– адкуль выглядае ліса? (з пад стала, з-за дзвярэй, з печы, з дзежкі) і г.д

згарнуць

 

южэтныя малюнікі па беларускіх народных казках “Курачка раба”, “ Як кот звяроў напалохаў”, графічныя малюнкі “Кот Максім”, “Зайкава хатка”.

     Ход гульні

Выхавальнік паказвае дзецям карткі з малюнкамі па беларускіх народных казках. Прапануе ўважліва паглядзець на малюнкі, назваць казку і адказаць на пытанні. Напрыклад:

– дзе ляжыць яечка? (на стале, пад лаўкай, на палічцы, за спіной у дзеда, пад сталом, каля мышкі);

– куды схавалася ліса? (пад стол, на печ, за дзверы, на лаўку, на палічку, у дзежку);

– адкуль выглядае ліса? (з пад стала, з-за дзвярэй, з печы, з дзежкі) і г.д

згарнуць

 

згарнуць

Дыдактычныя гульні

Прыродныя сімвалы Беларусі

ЖЫВЁЛЫ БЕЛАРУСІ

МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ

"Вывучаем Беларусь разам з Янінкай і Мікіткай"

                                                                                                                                    "Вывучаем Беларусь разам з Янінкай і Мікіткай"

згарнуць