Міні-музей “Сялянская хатка”
Міні-музей быў створаны ў 2009 годзе.
Сутнасць нашага музея заключаецца ў азнаямленні дзяцей з народнымі промысламі і прадметамі побыту.
Мэта: засваенне культурных і духоўных каштоўнасцей свайго народа, іх традыцый.
Задачы:
- стварыць прадметнае асяроддзе для работы па вывучэнні фальклору і багатых нацыянальных традыцый;
- прывіваць дзецям любоў да беларускай мовы як асноўнага элемента нацыянальнай культуры праз знаёмства з лепшымі ўзорамі вуснай народнай творчасці: пацешкі, забаўлянкі, калыханкі, казкі, загадкі, гульні, легенды;
- фарміраваць у дзяцей уяўленні пра прадметы адзення, прылады працы, прадметы побыту нашых продкаў.
- знаёміць дзяцей з беларускім народным мастацтвам як эфектыўным сродкам фарміравання станоўчых адносінаў да працы, любові да Радзімы (вырабы з саломкі, лёну, гліны, бяросты; саламяныя і гліняныя цацкі; творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (сурвэткі, ручнікі);
- знаёміць дзяцей з творамі беларускіх пісьменнікаў і мастакоў; фальклорам, народным промыслам;
- фарміраваць уяўленні аб народных святах.
Міні-музей знаходзіцца на другім паверсе ўстановы дашкольнай адукацыі.
У міні-музеі “Сялянская хатка” заўсёды ціха. Вегародна таму, што тут жыве памяць аб мінулым. Усё нагадвае аб жыцці нашых продкаў у даўнія і не вельмі дальнія часы. Складаецца наш музей з некалькіх частак. Самая значная прысвечана тэме зямлі і земляробства, збору і апрацоўцы ўраджаю. Другая частка прысвечена ткацтву. Тут дэманструюцца прылады, з дапамогай якіх рыхтавалі лён для прадзення, выраблялі ніткі, а пасля тканіну. Выхаванцы даведваюцца, як апрацоўвалі лён: прачэсвалі грэбнем, а потым шчоткай. Для прадзення выкарыстозвалі калаўрот. Пасля таго, як кудзеля была спрадзена, ніткі змоткалі з дапамогай матавіла. Нітку скручвалі і намотвалі на верацяно. Ткалі на кроснах.
У апошнім раздзеле можна ўбачыць рысы паўсядзённага жыцця беларусаў: посуд, люльку. Галоўнае месца ў нашым музеі займае печ. Яна мела важнае значэнне і ў хаце нашых продкаў: печ абагравала, карміла сям’ю, а часам служыла месцам адпачынку, асабліва зімой.
У нашым музеі выхаванцы знаёмяцца з ручнікамі. Іх не шмат, але кожны мае сваю гісторыю. Праз ручнікі дзеці даведаліся аб знаках дабрабыту, сонца, зямлі – сімвалах, пазначаных вышыўкай. Выхаванцы даведаліся, як у мінулыя часы людзі ўважліва адносіліся да каляровых спалучэнняў у адзенні, вытканы ці вышыты арнамент успрымалі не толькі як аздабленне, але і як сімвал і абарончы знак.
У нашым міні-музеі выхаванцы з задавальненнем разглядаюць ільняную кашулю, мужчынская адзенне, жаночае адзенне, ільняную сукенку, фартух.
У “Сялянскай хаце” знаходзіцца больш за 25 экспанатаў:
- Лямпа
- Люлька
- Лялька Льняная
- Маслабойка
- Палавік
- Печ
- Кубак
- Ручнік
- Чыгун
- Адзенне беларускае нацыянальнае
- Верацяно
- Вілы
- Збан
- Калоўрот
- Прасніца
- Жалейка
- Падушка
- Прас
- Пранік
- Капа
- Патэльня
- Фіранкі
Экспанаты выкарыстоўваюцца для правядзення заняткаў, для развіцця мовы, эмацыянальнай сферы дзіцяці. Кожны прадмет міні-музея можа падказаць тэму для цікавай гутаркі.